Беларуская Служба

Польскі Сенат высылае моцны сігнал Лукашэнку: псеўдавыбары не будуць прызнаныя

09.01.2025 17:18
«Нельга казаць пра свабодныя выбары, калі больш за 1300 чалавек сядзяць у турмах, асуджаных за свае палітычныя погляды», падкрэсліла спікер Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.
Аўдыё
  • Святлана Ціханоўская ў Сенаце Польшчы
Ілюстрацыйны здымакPraca własna/Polskie Radio dla Zagranicy

Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Польшчу. Палітык сустрэлася ўжо з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, Маршалкам Сейма Шымонам Галоўнем, ды іншымі палітыкамі. У чацвер Ціханоўскую цёпла прымалі ў польскім Сенаце.

У Варшаве адбылася сустрэча спікера Сэнату спадарыні Малгажаты Кідавы-Блоньскай і лідара беларускай дэмакратычнай апазіцыі, старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету міністраў Беларусі спадарыні Святланы Ціханоўскай. Пра вынікі размоў бакі распавялі падчас прэсавай канферэнцыі, якая адбылася ў будынку польскага Сената.

Маршалак Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска падкрэсліла, што вельмі добра разумее, з якім сур’ёзнымі праблемамі сутыкаецца Беларусь ды дэмакратычныя сілы.

- Мы гаварылі пра тое, што будзе 25 студзеня, то бок пра псэўдавыбары ў Беларусі. Мы ўзялі на сябе абавязацельства забяспечыць, каб з польскага Сената быў накіраваны вельмі моцны сігнал, што мы не прызнаем гэтыя выбары. Нельга казаць пра свабодныя выбары, калі больш за 1300 чалавек сядзяць у турмах, асуджаных за свае палітычныя погляды, за жаданне дэмакратыі. Мы не прызнаем гэтыя выбары, і такі моцны сігнал будзе з Сенату, я спадзяюся таксама з польскага Сейму ды іншых еўрапейскіх парламентаў.

Святлана Ціханоўская дзякавала польскаму ўраду ды народу за салідарнасць з беларусамі ў цяжкія хвіліны.

- Перш за ўсё, я хачу падзякаваць усім польскім палітычным лідарам, усяму Сенату і, канешне, польскаму народу за вашу салідарнасць і прыхільнасць. Я радая, што тэма Беларусі яднае ўсе партыі ды фракцыі ў Польшчы, якая стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў, хто быў вымушаны ўцякаць ад тэрору. Дзякую вам за гэта. Нашыя народы аб'яднаныя агульнай гісторыяй, культурай, каштоўнасцямі ды барацьбой за свабоду.

Польскі палітык зазначыла таксама, што бакі абмяркоўвалі далейшы фармат супрацоўніцтва паміж польскім парламентам ды беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

- Мы хочам разам тут, у парламенце, падрыхтаваць дарожную карту супрацоўніцтва, як падрыхтаваць Беларусь да нармальнага функцыянавання. Як стварыць добрае права, як падрыхтаваць інстытуты, якія дазволяць Беларусі паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці Еўрасаюза. Таксама мы гаварылі пра адказнасць Лукашэнкі за здзейсненыя ім злачынствы. Ня можа быць, каб гэта засталося без адказнасці. Кожны, хто парушае правы чалавека, кожны, хто парушае дэмакратычныя правы, павінен быць за гэта пакараны і павінен быць за гэта судзімы. Мы таксама дамовіліся, што не будзем прызнаваць ніводны дакумент, падпісаны Лукашэнкам і Пуціным. Такія дакументы нас не абавязваюць і для нас гэта не ніякі закон. Беларусь не можа несці адказнасці за такія заявы ні як дзяржава, ні як грамадства.

Святлана Ціханоўская дадала, што супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл і польскага парламенту выходзіць на новы ўзровень

- У Сейме ды Сенаце створаная група за дэмакратычную Беларусь пад кіраўніцтвам Гжэгажа Схэтыны. Мы працуем над пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і польскім парламентам.

Тэма Беларусі стане важным пытаннем, які польскі бок будзе ўздымаць у ЕС падчас старшынства Польшчы ў Супольнасці, зазначыла Маршалак Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.

- У нас вельмі актыўны план, таму што я хачу нагадаць, што тэма дэмакратычнай Беларусі таксама адна з нашых тэм падчас старшынства ў ЕС. І пра гэта мы будзем гаварыць на ўсіх сустрэчах, звязаных з прэзідэнцтвам.

Святлана Ціханоўская дадала, што гэта вельмі важна для дэмакратычнай будучыні Беларусі.

- Я вельмі радая, што Польшча зрабіла Беларусь адным са сваіх прыярытэтаў падчас старшынства ў Еўрапейскім Саюзе. У лютым разам з міністрам Сікорскім мы правядзём форум Касцюшкі, які аб'яднае ключавых еўрапейскіх лідараў і экспертаў. Таксама падчас польскага старшынства ў Радзе Еўрасаюза, мы таксама плануем падрыхтаваць канцэпцыю па бяспецы і адносінах ЕС і Беларусі. Каб Беларусь, беларускі дэмакратычны рух заставаўся прыярытэтам для Еўропы. Канешне, на кожнай сустрэчы с кожным палітыкам мы абмяркоўваем тэму вызвалення палітвязняў. Я ведаю, як справа Анджэя Пачобута вельмі блізкая для пані Маршалак і гэта таксама наш прыярытэт. Людзі павінны быць на свабодзе. Яшчэ мы нагадваем пра ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, каб прыцягнуць яго да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі і за ўдзел ў агрэсіі Расіў на Украіну.

Прэзідэнцкія выбары, якія пры канцы студзеня ладзіць у Беларусі ўзурпатар Лукашэнка нічога не зменяць у стаўленні міжнароднай супольнасці да рэжыму ў Мінску, перакананы дарадчык па міжнародных справах Офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

- Святлана Ціханоўская не ўступіла ў сваю пасаду. Выкананне пяцігадовага мандату пачынаецца, калі яна складзе прысягу, зойдзе ў прэзідэнцкі палац у Мінску і тады пачнецца адлік 5 гадоў. Паколькі вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, Лукашэнка абвясціў сябе прэзідэнтам, улада не была перададзеная, таму ніякага фармальнага пачатку выканання паўнамоцтваў няма. Святлана Ціханоўская ўзяла на сябе ролю, яна презідэнт-элект, чалавек, які перамог на выбарах, але не заступіў на пасаду, ну і таму яна проста працягвае выконваць сваю ролю. Беларусы прагаласавалі супраць Лукашэнкі, паколькі свабодныя выбары не адбудуцца, мы ў такім пераходным стане замарозіліся, можна сказаць. Але я думаю, што самае важнае тое, што для Лукашэнкі ніякай легітымнасці пасля 25-га, 26-га студзеня не наступіць. Ён можа спадзяецца, што ўсе забудуць, перагорнуць старонку, але ніхто не будзе яго прызнаваць. Ён не стане рукапаціскальным. Натварыўшы столькі зла беларусам, украінцам, усяму свету, да і Польшчы, успрымаць яго як прадстаўніка беларускага народа ніхто не стане.

Гэта азначае, што сітуацыя ў Беларусі будзе надалей нестабільная. Улада ў краіне застанецца ўзурпаванай, а дэмакратычныя сілы будуць працягваць дзейнасць па спрыянні дэмакратычным пераменам. У краіне павінен адбыцца законны транзіт улады, Лукашэнка павінен скласці паўномоцтвы ды панесці пакаранне за злачынствы, і толькі тады ў Беларусі змогуць адбыцца нармальныя свабодныя выбары, лічыць Франак Вячорка.

Юры Ліхтаровіч